17:36 Азірніся! «Полацкая Хваля» пра ўжыванне ў Полацку беларускай мовы і каментар мясцовага райвыканкама | |
Нашай краіне пашансавала мець уласны індыфікацыйны код – беларускую мову, але нажаль, яе нехапае ў штодзённым жыцці. У Полацку мову мы амаль не бачым, а жывых носьбітаў наогул адзінкі.
Згодна з артыкулам 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990г. № 3094-XI «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы. Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі і грамадскія аб'яднанні ствараюць грамадзянам Рэспублікі Беларусь неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі.
Па выніках усебеларускага перапісу насельніцтва ў 2019 годзе 61,2% беларусаў назвалі роднай беларускую.
Штогод 21 лютага ў нашай краіне адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Крыху пачакаўшы, калі з вуліц сыйдзе снег, прайшліся па горадзе і ўбачылі, колькі ў горадзе беларускасці.
На першы погляд, беларуская мова шмат дзе прадстаўлена, але гэта не так. Ці ведаеце вы, колькі часу прыйшлося пабегаць па горадзе, каб сабраць фотаздымкі для гэтага матэрыялу?! У агульнай долі гарадскіх носьбітаў беларуская мова значна ўступае рускай. Нават становіцца неяк сумна за становішча беларускай мовы. Некалькі дарожных знакаў, памятных дошак на дамах, шыльдаў на аб’ектах абслугоўвання, помніках – гэта несур’ёзна для горада, які пазіцыянуе сябе калыскай беларускай дзяржаўнасці. Такое адчуванне, нібыта гэты элемент носіць хутчэй дэкаратыўны характар. Для тых, хто размаўляе па-руску створаны ўсе ўмовы, а тыя, хто размаўляе па-беларуску, змушаны падладжвацца пад першых. Магчыма камусьці здаецца, што гэта дробязі, на якія ніхто не заўважае, але гэта не так. Пытанне дзяржаўнай важнасці. 1. Камунальна-гаспадарчы фонд Турбуе, што з фасадаў дамоў паступова знікаюць шыльды на беларускай мове, ўсталяваныя 20 гадоў таму. Замест іх новыя аншлагі мантуюцца ўжо па-руску. Знікла сфарміраваная аднастайнасць у гэтым аспекце. Мы не супраць дублявання па-беларуску і па-руску, але нават дубляваных шыльд з назвамі вуліц і праспектаў на дзьвух дзяржаўных мовах у Полацку не распрацавана. Калі не хапае фінансавых сродкаў, не трэба нічога выдумваць. Трэба аднавіць так, як было дагэтуль. У адрозненні ад прыпынкаў «Курган Бессмяротнасці», «Спартклуб», «Алімпіец», «Райвыканкам», «Чыгуначны вакзал», «Марыненка» на казырках павільёнаў прыпыначных пунктаў «Аўтавакзал» і «Юбілейная» адсутнічаюць назвы прыпынкаў. У мэтах адзінага падыходу папрасілі нанесці і гэтыя назвы на беларускай мове.
2. Грамадскі транспарт Аналагічная сітуацыя з інфарматарамі і маршрутнымі ўказальнікамі на аўтобусах. Крок за крокам, па чарзе, гэтыя носьбіты перарабляюцца на рускую версію нягледзячы на тое, што шмат гадоў выкарыстоўвалася адна з дзяржаўных моў – беларуская, што наогуле не дае аб’ектыўных падстаў для яе замены. Гаспадарчы інвентар аднаўляць трэба, але не зразумела, з якога часу спатрэбілася ўзмацненне рускай мовы на тых нешматлікіх носьбітах, дзе раней выкарыстоўвалася беларуская. Нібыта за людзей вырашылі, што яны не ў стане адрозніць «Гогаля» ад «Гоголя» ці «Камуністычную» ад «Коммунистической». Стэнды, аншлагі, электронныя табло і інфармацыйныя стыкеры на абноўленым у 2017 годзе аўтавакзале таксама аформлены толькі па-руску. Прапанавалася ўзяць за аснову вопыт філіялу «Мінскі аўтавакзал» дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» і на аб’ектах полацкай аўтастанцыі дадаць інфармацыю на беларускай мове, якая дублюе рускую (каса, камера захоўвання, зала чакання, расклад руху, дыспетчарская і г.д.).
3. Інтэрнэт На сайце філіялу «Аўтобусный парк №2 г.Полацка» адсутнічае функцыя выбару беларускай мовы карыстання інтэрнэт-рэсурсам, што супярэчыць патрабаванням Палажэння аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, зацверджанаму Пастановай Саветаў Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 2010 г. № 645.
Напрыканцы адзначым, што турысты з розных краін прыязжаюць і ўязджаюць. Індывідуальных груп не так шмат, як арганізаваных аўтобусных экскурсій з падабраным пад спецыфіку групы экскурсаводам. Нягледзячы на перавагу экскурсантаў з усходу, гэта не падстава для павелічэння агульнай колькасці рускамоўных носьбітаў у Полацку. Іх і так навокал хапае. Спасылкі на тое, што беларускамоўная інфармацыя мала запатрабаваная грамадзянамі, не з’яўляецца падставай для яе ігнаравання. Мы - беларусы, павінны беражліва захоўваць здабытак нашых продкаў, развіваць нацыянальную мову і пашыраць яе выкарыстанне. | |
Категория: Главные новости региона | Просмотров: 5093 | |
Всего комментариев: 0 | |